📚 Hub Books: Онлайн-чтение книгКлассикаДзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+
1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 61
Перейти на страницу:
— калі перад ягонай Сіа вырасьце мур. Надзейнай вяровачнай лесьвіцай — калі трэба будзе выбрацца зь яміны. Зрабіцца яе глухатой — калі з усіх бакоў паваліць, як атрутны дым, іхны язык. Поўны чужых, задышлівых гукаў.

Ёй нельга было заставацца адной. Як бывала тады, у мінулым жыцьці, калі Лёся выходзіла са школы, такая самотная і адкрытая ўсім небясьпекам. Лёгкая, быццам празрыстая, яна спускалася па сходах школьнага ганку, выходзіла на вуліцу. Яе штурхалі локцямі, яна не азіралася, яна быццам бы плыла праз школьны двор. Яна была як яснае слова сярод бязглуздага мармытаньня. Выходзіла на ходнік, спынялася каля заўжды зачыненага на абед газэтнага кіёска. Бацька пасьпешліва ішоў ёй насустрач, і кожнага разу ў яго сьціскалася сэрца. Яна не шукала яго вачыма, яна проста стаяла і глядзела ў адну кропку. Яе вочы гаварылі — і тое, што яны казалі, чуў і разумеў толькі ён.

Часам, яшчэ толькі выйшаўшы з машыны, ён здалёк бачыў, як перад ёй спыняліся дарослыя, няўхвальна глядзелі на яе старую сукенку, на няўмела завязаны ззаду хвост. Спрабавалі завесьці размову — яна паволі падымала на іх вочы, і яны ніякавелі, зьдзімаліся, хуценька раставалі ў мітусьні вуліцы. Яна стаяла там зусім адна — адна такая на ўвесь сьвет, і ў яго сьціскалася сэрца ад адчуваньня, што сьвет — гэта і ёсьць яна, яна і ёсьць яго сэнс. Яна і мова, якая жыве ў яе лёгкім, як пёрка, дзяцінстве.

Аднойчы ён ледзь ня трапіў у аварыю. Аднекуль зьверху — як быццам у ім заблыталася неба — зьявілася агромністае кола, намотваючы на сябе агляд з бакавога акна, вуліцу, каштаны, ліхтарныя слупы — і на момант ён зразумеў, што наступны, каго падхопіць гэтая цэнтрабежная сіла справа, будзе ён, і апошнім, нейкім нечалавечым рухам рвануў стырно так, быццам выкручваў самога сябе навыварат. Машыну прыперла бокам да цаглянай сьцяны, і яна абдзерла сабе ўсю левую шчаку. Абышлося лаянкай і касмэтычным рамонтам. Ён якраз ехаў забіраць Лёсю і спазьніўся на дзьве гадзіны. Яна стаяла на тым самым месцы, каля кіёска. Ён пацалаваў яе ў лоб, халодны, як у статуі.

«Прабач», — сказаў ён у гэты лоб.

І зразумеў, што ўвесь гэты час яна стаяла тут і сьпявала. Сама для сябе. Песьні адзінокай Сіа.

Вось тады бацьку ўпершыню прыйшло ў галаву, што аднойчы ён можа проста па яе не прыехаць. Проста застацца там, у гэтым вар’яцкім руху за правым шклом. Яна будзе стаяць тут доўга, вельмі доўга, і сьпяваць свае нячутныя песьні. Але рана ці позна зьявіцца нехта, хто возьме яе за руку і павядзе за сабой. І пачне падбіраць да яе шыфр. І перахопіць накіраванае не яму пасланьне.

«Я дам табе ўсё», — казаў ён ёй уначы, прыслухоўваючыся да яе дыханьня. — «Напэўна, адзінае, што я не магу табе даць, гэта брата. Я хацеў бы зрабіцца напалову жанчынай, каб ён у цябе зьявіўся. Я зрабіў бы яго гэтай страшнай, душнай ноччу, ускрыўшы сам сябе і пасяліўшы ў сабе свой цень. Я зрабіў бы яго неадступным, ён быў бы з табой увесь час, ён абараніў бы цябе і мову, якую ты беражэш. Але зрабіцца жанчынай нават на каліўца я не магу».

«Я дам ёй усё», — казаў ён таму яўрэю, які вісеў на сьцяне. Яўрэю Пэрэльману. — «Адзінае, што я не магу, гэта даць ёй брата. Але я ня маю права не магчы. Памажы мне, Жыдзе. Ты здолеў — значыць, ты мне брат».

Бацька Сіа мог звар’яцець, загінуць, сьпіцца, адрачыся. Але не адчуваў на гэта права.

Відаць, таму ён і зьявіўся — Лёччык.

* * *

На гарадзкім рынку, абгароджаным пастаўленымі тарчма бэтоннымі плітамі, сярод намётаў і латкоў, што стаялі так шчыльна, нібыта іх гаспадароў сагналі сюды гвалтам, і пры гэтым прадавалі тое самае, на гэтым гарадзкім рынку, дзе ўлетку паміж пальцаў прадаўцоў гародніны поўзалі восы, як залатыя пярсьцёнкі, а ўзімку прадаваліся штаны, цьвёрдыя, як з кары — на гэтым самым рынку, у самай сярэдзіне, кожны дзень раскладваў свой тавар адзін дзядок, з носам, як у птушынага чучала.

Чым ён гандляваў? Ды ўсім. У яго сапраўды можна было купіць усё, што ёсьць на сьвеце — абы яно магло зьмясьціцца на ягоным складным століку. Для гэтага чалавека быццам не існавала праблемаў: ні з гісторыяй, ні з часам, ні з геаграфіяй, ні з мовамі — ён гаварыў на ўсіх. Бо звалі яго Арон Абрамавіч Гілель, а людзей з такімі імёнамі цяжка чымсьці зьбянтэжыць. І з такімі валасамі ў носе (яны даставалі Арону Абрамавічу аж да верхняй губы) — таксама.

Кожнага разу, калі бацька зь Лёсяй выпраўляліся на рынак, яны праходзілі паўзь ягоны столік, што стаяў пад самаробным навесам, і бацька адчуваў да чалавека, які сядзеў там, усім сваім выглядам паказваючы, што для яго не існуе ніякіх праблемаў, цьмяную непрыязнасьць.

Таму, калі адным халодным восеньскім днём яны зь Лёсяй падышлі да століка, бацька ніяк ня мог загаварыць зь ім пра справу. Спачатку ён купіў у Арона Абрамавіча бляшанку фарбы і нажніцы, потым адышоў, пацягнуўшы за сабой паслухмяную Лёсю, і толькі потым вярнуўся і шматзначна адкашляўся. Валасы ў носе Арона Абрамавіча заварушыліся.

«А это что за девочка?» — задуменна сказаў ён, хітра пазіраючы на Лёсю. — «Ой, так это же моя. Я таких продаю по сто тысяч за штуку. Выпала, наверное, из коробки. Верните ее, пожалуйста. Я ее за двести продам».

Лёся маўчала, намагаючыся зразумець, што адбываецца.

«Я же говорю, моя», — замармытаў Арон Абрамавіч. — «Мои девочки всегда молчат. Они только дома говорят, чтобы никто не слышал. Очень удобная конструкция. Главное, никому не мешает».

Бацька схапіў Лёсю за руку, каб пацягнуць далей, але тая працягвала глядзець проста ў ноздры Арона Абрамавіча, дзе варушыліся, як языкі, тоўстыя рудыя валаскі.

«А то знаете, на улице такая заговорит, так стыдно будет, перад людзьмі», — залапатаў Арон Абрамавіч. — «Только вот моя девочка кое-что потеряла. Смотри, изо рта выпало. Надо на место положить».

І Арон Абрамавіч спрытным рухам сунуў Лёсі ў рот акуратна разгорнутую цукерку, якую яна падхапіла вуснамі, быццам толькі гэтага і чакала.

«Мне надо поговорить с вами», — сказаў бацька, адчуваючы млосьць і страх. — «Нужна одна… вешчь…»

«Я вешчи по одной не продаю», — адрэзаў Арон Абрамавіч. — «Заказывайте оптом. На этот столик поместится любое количество любой вешчи. Как во рту помешчаются все слова, а не только какое-нибудь… одно».

Так яны і пайшлі ні з чым — бо бацька

1 ... 21 22 23 24 25 26 27 28 29 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии

Обратите внимание, что комментарий должен быть не короче 20 символов. Покажите уважение к себе и другим пользователям!

Никто еще не прокомментировал. Хотите быть первым, кто выскажется?