📚 Hub Books: Онлайн-чтение книгКлассикаДзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич - Читайте книги онлайн на Hub Books! Бесплатная библиотека с огромным выбором книг
Читать книгу

Воспользуйтесь возможностью ознакомиться с электронной книгой Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич, однако, для полного чтения, мы рекомендуем приобрести лицензионную версию и уважить труд авторов!

Краткое представление о книге

Героі новага рамана Альгерда Бахарэвіча – беларускамоўныя дзеці, пацыенты загадкавай установы пад назваю Лагер. Як сучасныя Гэнзэль і Грэтэль, яны трапляюць у цёмны лес, дзе іх чакаюць зусім не дзіцячыя прыгоды. Казка, сатыра, антыўтопія – кнігу можна аднесьці да кожнага з гэтых жанраў, але яна ўсё роўна застаецца кнігай пра нас, тых, хто жыве тут і цяпер.

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 61
Перейти на страницу:

АЛЬГЕРД БАХАРЭВІЧ

ДЗЕЦІ АЛІНДАРКІ

Маёй жонцы Юлі

«Справа не ў дакладнасьці нашай гісторыі.

А ў тым, хто бярэцца яе расказваць».

Цэрынг Вангмо Дхомпа, тыбэцкая паэтка

1. МАЮ СЯСТРУ ЗЬЕЛІ ВАЎКІ

Маю сястру зьелі ваўкі.

Лёччыка так усхвалявалі гэтыя словы, якія толькі што невядома чаму прыйшлі яму ў галаву — быццам ён неўпрыкмет пракаўтнуў іх разам з чарнічным лістком, да якога прыклеіўся маленькі жук з сонечным блікам на сьпіне — што Лёччык ажно перастаў жаваць, выпрастаўся, заплюшчыў вочы і зь нейкім урачыстым жахам прамовіў:

«Маю сястру зьелі ваўкі».

Голас прагучаў так, нібы належаў зусім ня Лёччыку, а камусьці іншаму.

Нібы нехта стаяў у Лёччыка за сьпінай.

Ён адплюшчыў вочы і азірнуўся — у плаўнай жэстыкуляцыі елак не адчувалася, на шчасьце, ніякага сэнсу, і міміка сонца ні на што такое не намякала. Але словы і праўда прагучалі так, нібы пасярод зарасьнікаў чарнічніку раскрыўся нейкі зялёны рот, паварушыў вуснамі і сказаў усё гэта — тое, што гаварыць нельга ні ў якім разе. Прынамсі, у прысутнасьці той самай сястры, якую цяпер не было відаць. Раз-пораз яна вынырвала сярод дрэваў, у самых нечаканых месцах, як з-пад зямлі, і Лёччыку здавалася, што Лёся капае там падземныя хады, а ня ягадамі ласуецца.

Вось зараз выскачыць проста ў яго з-пад ног, раскідаўшы мох, а чарнічныя кусты яшчэ калышуцца, а тая страшная фраза ўсё яшчэ вісіць у паветры, зачапілася за павуціньне і трымціць, нейкая недаказаная — хаця што ў яе мог быць за працяг, Лёччык ня ведаў. Накінецца на яго Лёся, засланіўшы сабой лагоднае сонца — і паваліць проста на чарніцы, і пачне душыць, душыць сваімі сінімі пальцамі-страшыдламі. Сінімі, сінімі, здымі! — не здыму! — і вочы Лёсіны блізка-блізка, з чырвоным, як на фатаздымках, адлівам. Ён уявіў сабе раптам, што ў Лёсі асадка пацякла ў кішэні, заліла ёй шорты, цячэ па нагах, яна засунула ў шорты руку, дастала асадку, а пальцы ўсе ў сінім, учэпістая такая сінь, давядзецца ўсё выкідваць, усё, нічога не адмыеш.

А ён жа не вінаваты, вінаватыя гэтыя кіславатыя, ачмуральныя шарыкі, пігулкі, ад якіх у галаву лезе розная чухня і цесна робіцца ў грудзях. Чарніцы, чмурыцы, чарнадур, ды ня проста чарнадур, а нейкі чарнадур фортэ. І перад вачыма пераліваецца прыгожая, зялёная лясная луска. І дыхаць цяжка, і пальцы ня слухаюцца, жывуць, як самі па сабе. І ад чарніцаў не адарвацца.

Чарніцы і праўда дужа нагадвалі таблеткі, якія ім давалі ў лягеры. Тыя таблеткі было лёгка адрозьніваць па колерах. Цёмна-сінія — іх давалі пасьля сьняданку. Дзяўчаткі казалі, што гэта для памяці. Дзеўкі заўсёды ведаюць крыху больш — хаця ім, вядома, нельга верыць. Ад такіх сініх, амаль чорных пігулак робішся нібы зачараваны: што ні пачуеш, што ні пабачыш — нічога ўжо не забудзеш. І сапраўды, уначы ў лягеры кожны пражыты дзень успамінаўся ў такіх яркіх, навязьлівых падрабязнасьцях, што потым цяжка было заснуць. Памятаўся кожны рух, кожны гук: грукат лыжак ў сталовай, ці як паўзе ў неба сьцяг па мачце, і стрэл рэзанага ўдару над заўжды халодным, як магільная пліта, каменным пінг-понгавым сталом… Лёччык так і не навучыўся такому фокусу, а цяпер ужо і не навучыцца, відаць, ніколі. Там, куды яны едуць, наўрад ці будзе пінг-понг.

У лягеры былі яшчэ зялёныя таблеткі — «вітаміны», і карычневыя, самыя нясмачныя. Лёся доўга не хацела прызнавацца, што за пагалоска ходзіць сярод дзяўчатак пра гэтыя прадаўгаватыя капсулі — але потым сказала, што насамрэч ніхто гэтага ня ведае. Толькі ад тых карычневых пігулак ім чамусьці хацелася закапацца ў зямлю. Толік, той, які надоечы абасцаўся, так і зрабіў. Важатыя знайшлі яго ўвечары за кухняй, закапанага па горла ў жвір; нехта ўставіў яму ў нос два каўпачкі ад зубной пасты. Дырэктару вырашылі не казаць і доўга дзівіліся, як гэта Толік мог сам сябе закапаць. Так акуратна, да самага падбародзьдзя — хаця больш бязрукага, блізарукага, гідкага, больш непрыстасаванага да жыцьця стварэньня, чым Толік, трэба яшчэ пашукаць.

Прыгадаўшы ўсё гэта, Лёччык скрывіўся, так кісла зрабілася ў роце, і агледзеўся. Чарніцаў навокал менш не рабілася — наадварот, здавалася, яны імгненна зноў вырастаюць на ўжо спустошаным кусьце. Бясконцы чарнічнік, неаб’яданая купіна. Калі б не камары — наўрад ці б ён памятаў, у якім баку засталася іхная машына.

Напэўна, яны зь Лёсяй таксама нагадвалі камароў. Жэрлі чарніцы, таропка набіваючы раты гэтым дурным кацігарошкам, цалавалі сабе далоні. Яны жэрлі іх так, быццам чарніцы былі крадзеныя, быццам хацелі імі атруціцца. То збліжаючыся, то зноў аддаляючыся, беспакойна круцячыся вакол дрэваў, утыркаючыся насамі ў зямлю. Такая ў іх зь Лёсяй была звычка — сьпяшацца.

Маю сястру зьелі ваўкі. Вось, напрыклад, у Сярэднявеччы такі факт біяграфіі нікога не зьдзівіў бы, падумаў Лёччык. Бывае, сказалі б. Мінулай зімой маю цётку ўкусіў пацук, сказалі б сярэднявечныя людзі, і яна памерла ад чумы. Бубоннай. А мая сястра выйшла замуж за гарбатага сьвінапаса. А мой дзядзька пайшоў вызваляць Гроб Гасподні, і больш пра яго ніхто ня чуў… Лёччык прыгадаў, як Важаты сказаў учора на лінейцы, што зладзіць ім сапраўднае Сярэднявечча, бо Толік зноў насцаў у ложак. Важаты меў на ўвазе, што іх зноў будуць прывязваць. Быццам ён ведаў, гэты садыст, што такое Сярэднявечча. У Сярэднявеччы бацькі, нараджаючы дзяцей, ведалі, што ацалее і дажыве да шаснаццаці добра калі палова прыплоду. Лёччыку шаснаццаці яшчэ не было. Але ён ведаў, што дажыве. Такая моц адчувалася ва ўсім целе — нават калі проста пацягваешся, дык адчуваеш, што мог бы зараз падняць цэлую краіну і панесьці на плячах. Няважна, куды. Важатыя казалі, што гэта ўсё лягер іх так загартоўвае. І Лёччык верыў у гэта, бо раней такога зь ім ніколі не было. Такая сіла — што чарніцы, што сосны, што сонца: да ўсяго можна дацягнуцца.

Дзіўна, але ён зусім не пачуваўся галодным. Яшчэ раніцай яны прачнуліся ў лягеры сярод звычных драўляных сьценаў іхнага корпуса і нават пасьпелі пасьнедаць у сталовай — малако, каша, хлеб з маслам, сыр, які Лёся не даела і аддала яму. Потым прынялі таблеткі. Сёньня ім ня трэба было ў Кабінэт, і вольнага часу было крыху болей. Калі не было Кабінэту, пасьля сьняданку яны заўжды хадзілі пад ялінкі,

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии

Обратите внимание, что комментарий должен быть не короче 20 символов. Покажите уважение к себе и другим пользователям!

Никто еще не прокомментировал. Хотите быть первым, кто выскажется?