📚 Hub Books: Онлайн-чтение книгКлассикаДзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 61
Перейти на страницу:
рота — гэткая была б штурханіна і цяснота, дый не хапіла б на ўсіх ні ежы, ні талерак, ні лыжак.

«Вот вы сказалі, что есть дети, которые никогда не делаются взрослые», — спытала дзяўчынка ў доктара наступым разам. — «А есть такие, кто сразу делается взрослый, кто никогда не маленькій?»

І тады доктар сказаў ёй, што такія дзеці ёсьць. І нават у іхным лягеры такія жывуць. І яшчэ доктар сказаў, што ўсё залежыць ад бацькоў: калі дзяцінства пачынаецца і калі канчаецца.

Уначы расказвалі рознае. Што дзяўчынка Дуня, якую ўсе звалі Дыня, гэта насамрэч дачка дырэктара. І што тая Дыня па начах ходзіць у лес — і ловіць там чарвякоў і зьмеяў. А потым кідае іх на кухні ў вялікую каструлю з супам, калі кухар дзядзька Вася выходзіць пакурыць. І што за гэта дырэктар папрасіў іхнага доктара кожны раз, калі яна ўцякае ў лес, каб набраць рознай мярзоты, рабіць раніцай Дыні Сярэднявечча. І калі раніцай з мэдпункту было чуваць, як тоўстая Дыня крычыць і нешта мыкае — бо як ты скажаш штосьці з распоркамі ў роце, хлопчыкі і дзяўчаткі казалі:

«Так ей і нада!»

Дыню ніхто не любіў. Але яе і не чапалі — напэўна, тады давялося б адказваць перад дырэктарам. Дырэктара, праўда, мала хто баяўся — хіба што новенькія. Дырэктар падаваўся бяскрыўдным чалавекам, але трапіцца яму пад руку не хацеў ніхто. Яго і відаць у лягеры амаль не было — а калі трэба было сказаць штосьці на лінейцы, дырэктар гаварыў нейкімі незразумелымі словамі, якія не разумелі нават тыя, хто меў ужо амаль чысты голас.

За такія гісторыі, як пра Баравоя Дохлага, Чалавека-навыварат і Дыню, важатыя іх каралі. І гэта, па чутках, таксама загадаў дырэктар. Дый іхны добры доктар, калі гаварыў з хлопчыкамі і дзяўчаткамі, незадаволена моршчыўся і тлумачыў:

«Это всё ваши болезни, ваши болячки. Это опухоли, косточки в ваших головах создают их. Наш лагерь должен быть от них очищен! Чистый голос — самый хороший способ избавиться от фантазий!»

Доктара Толік вельмі любіў. Ён ня мог назваць доктара сваім сябрам — бо хіба можа сябар працаваць у мэдпункце? Але калі на сьвеце ў кожнага хлопчыка і ў кожнай дзяўчынкі ёсьць тата, думаў Толік, дык яму, Толіку, хацелася б, каб татам быў менавіта іхны доктар. Той самы доктар, які так стараецца, каб Толік выйшаў зь лягеру здаровым і з чыстым голасам. А там, хто ведае, можна будзе зноў вярнуцца і да матэматыкі. І калі яго зноў прывязуць да таго маладога прафэсара, прафэсар паслухае яго і скажа:

«Молодец, Толик. Из тебя будет толк».

Або так:

«Молодец, Толк. Из тебя будет Толик».

Вось і сёньня, калі Важаты зачыніў дзьверы, а за акном засьвяціў сваім сяброўскім, змоўніцкім сьвятлом ліхтар, Толік ціха засьмяяўся, нацягваючы на сябе коўдру. У яго такое цікавае імя. На языку толк — гэта нешта вельмі правільнае і чыстае. Амаль як голас. Толік любіў доктара — і вельмі хацеў яму дапамагчы.

Але доктар казаў, што ў Толіка пакуль што занадта вялікая пухліна, і наўрад ці яго выпішуць так хутка. Што ад лячэньня пакуль мала толку. Можа, нават наступным летам яго яшчэ ня выпішуць, сказаў доктар. Толік перажываў ня толькі за сябе. Яму было вельмі шкада доктара.

І таму сёньня, калі ўсе гісторыі былі расказаныя і ўсе ў пакоі паціху ўлягліся спаць, Толік вырашыў ажыцьцявіць сваю ідэю. Ідэя была простая і лягічная. Як матэматычная задача, якую некалі не маглі рашыць прафэсары, нават самыя старыя і сівыя. А Толік змог.

Калі ў пакоі зрабілася зусім ціха і вакол Толіка запанавала сапеньне і парохкваньне, ён раскрыў рот — так шырока, як толькі мог. А раскрываць яго ён навучыўся так, як ніхто ў атрадзе — таму што шмат трэніраваўся падчас аглядаў у доктара. Калі яму ставілі распоркі, Толік заўжды імкнуўся дапамагчы доктару і расьцягваў свой рот як мага шырэй.

Ён паляжаў крыху з адкрытым ротам. Ліхтар падміргнуў яму: «Давай, Толик! Из тебя будет толк!»

Недзе ў роце, зусім блізка ад Толіка, была яна. Костачка, пухліна, балячка, празь якую ён быў тут і ня мог гаварыць чыстым голасам, такім, каб яго разумелі людзі. У тым ліку прафэсары матэматыкі.

Толік паляжаў яшчэ крыху, а потым узяў і паволі засунуў руку сабе ў рот. Цэлы кулак. Мокрае ад сьліны запясьце прыемна халадзіў ветрык з адчыненага акна.

Ён паспрабаваў пальцамі намацаць гэтую пухліну, гэтую костачку, гэтую гідотную балячку, якая не давала спакойна жыць ягонаму доктару. Доктару было цяжка дабрацца да яе сваімі інструмэнтамі. А Толік вось дабраўся. Заўтра доктар паставіць распоркі, зазірне ў рот Толіка і… Не, Толіку не хацелася ад доктара ні віншаваньняў ні падарункаў. Яму хацелася толькі, каб доктар зьдзівіўся. Усьміхнуўся сваёй добрай усьмешкай і сказаў:

«Молодец, Толик! Я всегда знал, что из тебя выйдет толк!»

Толік паспрабаваў намацаць пухліну пальцамі, але чамусьці ніяк ня мог яе знайсьці. Пальцы не зьмяшчаліся ў роце, і наогул ён адчуваў, што яго зараз званітуе. Трэба было сьпяшацца. Толік засунуў пальцы яшчэ глыбей. Яго пачало злаваць, што пухліна ў роце хаваецца ад яго. Ён сьціснуў кулак — і кулак раптам зрабіўся такі вялікі, што запоўніў сабой увесь рот. Як быццам набрыняў ад сьліны.

«Як глыбока я яго засунуў», — падумаў Толік. — «Яшчэ трохі, і я буду як Чалавек-навыварат. Выверну сябе і пагляджу, дзе тая пухліна і куды яна правалілася».

А ягоны кулак пасоўваўся ўсё далей і нарэшце захрас у нейкай сьлізкай, але занадта вузкай трубе. У вачах Толіка зьявіўся ліхтар — які сьвяціў яму цяпер так утульна, быццам запрашаў пайсьці за сабой кудысьці. Кудысьці, дзе з усіх толікаў на сьвеце заўжды выходзіць толк.

А пасьля ліхтароў было ўжо некалькі. Яны ўсё множыліся і множыліся, як у матэматыцы. І Толік адчуў, што ён і праўда ідзе некуды, проста ў паветры. Ён зразумеў, што ў лягер больш ня вернецца. І пайшоў туды, куды паказваў яму той, самы першы, добры і ўсяведны ліхтар.

16. ВАМ ШКЛО НІКОЛІ Ў РОТ НЕ ТРАПЛЯЛА?

Вам шкло ніколі ў рот не трапляла? Не?..

Дробнае такое, пакрышанае, як для супу. Ты не адразу разумееш, што гэта яно, спачатку ты ўсё яшчэ спадзяешся, што на зубах храбусьціць звычайны пясок — і усё адно, немагчыма выплюнуць, жуеш, быццам цябе хто прымушае. Ня можаш не жаваць — звычка, а да таго ж

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии

Обратите внимание, что комментарий должен быть не короче 20 символов. Покажите уважение к себе и другим пользователям!

Никто еще не прокомментировал. Хотите быть первым, кто выскажется?