Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич
Шрифт:
Интервал:
«У вас дзіця плача», — сказаў чалавек у майтках і ўсьміхнуўся.
«Магу вас запэўніць, што не», — адрэзаў я і хацеў зачыніць дзьверы.
«Плача, я ж чую», — чалавек у майтках ухапіўся за ручку і не адпускаў. — «Ужо гадзіну раве. Што ў вас тут такое? Ты навошта дзіця трэціруеш, падла?»
«А вы хто?» — спытаў я як мага больш спакойна.
«Я ж кажу, я ваш сусед зьверху», — адказаў чалавек у майтках ужо спакайней і зноў усьміхнуўся. Ён быў вышэйшы за мяне на дзьве галавы і шырокі ў плячах, як кіёск.
Ён гаварыў са мной, а сам гэтым часам разглядваў тое, што дазвалялі адчыненыя дзьверы. А дазвалялі яны шмат. Акурат тое, што трэба, што дапамагае зрабіць высновы. Пустыя бутэлькі, што стаялі проста перад люстэркам, як кеглі — зьбіраўся заўтра здаць. Гара нямытага посуду на кухонным стале — паленаваўся мыць, адклаў на заўтра. Недапалкі ў місе з-пад недаедзенага супу. І дзіцёнак, які вызіраў з пакоя і не міргаючы разглядваў госьця, выставіўшы наперад распухлую шчаку. Сказала мне, што ўпала.
«Ты дакладна ня плакала?» — ён схіліўся над ёй і зноў пасьміхнуўся, але ўжо лісьліва. Ён думаў, па-бацькоўску. Як законна прызначаны апякун. А вочы забегалі па кватэры, па руках Сіа, па шыі, па тым кавалку яе сьвету, які быў у Сіа за сьпінай: цацкі, ложак, лямпа, кніжкі — якія яна не чытала, але якія я мусіў мець у доме згодна зь іхнымі законамі аб мовах — і вядома, у пакоі панаваў суцэльны бардак.
«Яна не гаворыць», — сказаў я, спадзеючыся, што гэта падзейнічае і ён нарэшце зваліць.
«А, дык гэта ты і ёсьць..?» — ён выпрастаўся і падаў мне руку, якую я нехаця паціснуў. — «Бацька той нямой малой?… Мне расказвалі. Ня вельмі вас тут любяць, у гэтым пад’езьдзе… І даўно гэта ў яе?»
Я паціснуў плячыма. Што я мог адказаць?
«Ты сабе нават не ўяўляеш, як даўно».
«А я новы сусед», — ён падцягнуў майткі. — «Буду жыць зьверху. Цябе як завуць? А яе?..»
«Сіа. Гэта эгіпэцкае імя», — дадаў я пасьпешліва.
«А я ведаю. Як для коткі. У мяне такі сфінск жыве. У іх усіх эгіпэцкія імёны».
Ён так і сказаў: Сфінск. Як Мінск або Пінск.
«Прыйдзеш гуляцца з коцікам?» — ён зноў нахіліўся да яе, быццам яна была сьляпая або глухая. Сіа ўсё так жа глядзела на яго, не міргаючы.
«Хто ж тады ў вас тут роў?» — у ягоны голас вярнулася падазронасьць.
«Ня ведаю», — паціснуў я плячыма. — «Хаця здагадваюся. Можа, Шнітке?»
Я падняў з падлогі пусты футарал ад дыска. — «Гэта даволі сумная музыка. Табе, відаць, падалося. Гэта быў Шнітке. Музыка. Фэрштэйн?»
Ён зрабіў выгляд, што паверыў.
«Шнітка дык шнітка. Бывае. Як мая бабка казала…»
І тут ён прамовіў яе — прымаўку. Нашую прымаўку. Цяжка пазнавальная, да немажлівасьці скажоная ягоным грубым, чужым вымаўленьнем — калі б ня мой абсалютны слых, дык нізавошта б не здагадаўся, але гэта была яна.
«Вось так яна, бабка, і казала. Але ўсё гэта даўно вымерла. Час ня той, усё аб’ядноўваецца. Адна краіна, адзін Язык. А што ня хоча яднацца, або ня хоча мець адзін Язык — вымірае. Скажы, Сія? Цябе Сісяй у школе ня дражняць? Разумее ж, па вачох бачу, але сказаць нічога ня можа, як сабака. Нічога, загаворыш і ты. Калі на нас націснуць, мы ўсе загаворым, такая ў нашага народу натура. Ты ў бэйсбол гуляеш? Шкада. Гэта ж наша гульня, спрадвечная. Тая самая лапта! Маглі б згуляць неяк. Ну, ладна, пайду. А ты ня шніткай тут больш, добра?»
Ён усьміхнуўся, схапіў Сіа за шчаку і патрэс, памацаў, быццам хацеў праверыць якасьць матэрыялу, зь якога яна зробленая, а потым пругка пабег па сходах наверх. Я зачыніў дзьверы, узяў Сіа за руку і адвёў у яе пакой. Мы селі так, як любілі — яна на канапе, я каля яе ног, вочы ў вочы. Двое зачараваных у краіне цмокаў і замкаў.
«Ён цябе ня надта напалохаў?»
«Не», — сказала Сіа і адвярнулася. — «Але чаму ён прыходзіў? Ён падумаў, што я плачу? Я правільна зразумела яго Язык?»
«Так. Але абяцаю, ён больш ня прыйдзе».
«Але чаму ён так падумаў?» — прашаптала яна, зноў вяртаючыся ў мае вочы, зноў трапляючы ў іх, як пылінка, якую можна толькі выплакаць.
«Бо ён глухі. Глухі і нямы. Я ж табе кажу, абяцаю, ён больш ня прыйдзе».
«А што такое „ня шніткай“?»
«Нам з табой не абавязкова гэта ведаць», — сказаў я. — «Нам важна не забываць, што… Чаму я вучыў цябе, што нам трэба памятаць?»
«Я не забыла, але…»
«У нас ёсьць маленькая таямніца. У цябе і ў мяне ёсьць адна таямніца. Адна на дваіх. Не забывай пра гэта», — я пагладзіў яе па плячы.
Яна кіўнула, паглядзеўшы на свае кнігі — ня тыя кнігі, якія для маскіроўкі, а сапраўдныя. Нашыя любімыя.
«Я прыдумала, хто я. Я Лёся. Лёсік — гэта калі хлопчык. А дзяўчынка — Лёся».
І тут яна заплакала — і мне нічога не заставалася, як называць яе так, як яна хацела. Прынамсі, дома.
4. ПАЙДУ, ПАШУКАЮ НЕШТА ВОСТРАЕ
«Пайду, пашукаю нешта вострае», — сказаў ёй Лёччык і зьнік за дрэвамі. У ягонай руцэ быў доўгі кій, і Лёччык быў апантаны ідэяй зрабіць яго вострым, як дзіда — каб ня толькі абапірацца падчас хадзьбы, але і кідаць па мішэнях.
Лёся засталася адна і легла жыватом на прахалодны мох, разгарнуўшы
Поделиться книгой в соц сетях:
Обратите внимание, что комментарий должен быть не короче 20 символов. Покажите уважение к себе и другим пользователям!