📚 Hub Books: Онлайн-чтение книгКлассикаДзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 61
Перейти на страницу:
на хутары, але і распаліць вогнішча, пакарміць дзяцей, абняць іх і сьпяваць усім разам, седзячы на беразе возера, якую-небудзь іхную любімую песьню. І каб галава ляжала на Каціных каленях, і каб зоркі над галавой, а галасы Лёччыка і Лёсі зусім блізка, над вухам. А далей… Далей ён пакуль не прыдумаў.

«Захварэў мой мілы коцік,

Наракае на жывоцік…»

Або гэтую — пра Уліса: «будуць сакатаці, што сыночку даці»… Бацька пачаў напяваць сабе пад нос, чакаючы, што Каця падхопіць. Не падхапіла. Стамілася. Дзень быў цяжкі.

На ўдалечыні яшчэ сьветлае, фальшыва-бадзёрае неба выпаўз месяц. Паехаў за імі, не адстаючы, але трымаючы дыстанцыю. Адзінокая фара. Месяц — гэта матацыкл. Напэўна, такі мае на падворку той лясны чалавек з шостым пальцам. Месяц — начны, нябесны матацыкліст, які едзе ў туман і зьнікае за паваротам на Новы Дзень. Як добра ён прыдумаў. Месяц…

У ягоным суправаджэньні яны дабраліся да мястэчка, праехалі, асьцярожна намацаўшы фарамі, мост. Вуліца 17 верасьня. Плошча Леніна — якога нідзе не было відаць. Касьцёл, царква, Дом культуры. Аўтастанцыя, на якой стаяў самотны мікрааўтобус. Тоўсты мужык, які круціўся побач, правёў іх поглядам і працягваў цярпліва выглядаць у раньніх прыцемках магчымых пасажыраў.

«Спыніся», — сказала Каця.

Ён усьміхнуўся ёй і плаўна павярнуў да касьцёлу, адкуль вуліца сыходзіла да ўскраіны. Дзесьці там мусіла быць запраўка. А потым паесьці, паспаць у машыне, набрацца сілаў — і вярнуцца ў той лес. Дзе на сухім гальлі і ігліцы даўно высах ягоны маленькі, вільготны, белы сьлед. Па ім цяпер нехта паўзе, перабіраючы ўсімі сваімі нагамі-рукамі. Шастапалае, васьміпалае, дванаццаціпалае.

«Спыніся, я сказала!»

Ён прытармазіў, Каця выйшла, закінула на сьпіну заплечнік. Потым вярнулася і хутка пацалавала яго ў лоб.

«Ты ж і сам разумееш, што нічога ня выйдзе. Я вяртаюся дамоў. Прабач».

«Каця!»

«Спадзяюся, ты іх знойдзеш. А я не магу так больш».

І яна пабегла праз вуліцу да мікрааўтобуса. Ён машынальна крануўся зь месца і круціўся па плошчы, там, дзе мусіў тырчаць ленін, вакол елак і пустога пастамэнта. Так і круціўся, марнуючы паліва, забыўшы прыбраць з твару ўсьмешку.

Круціў мястэчка ў руках, як стырно. Як школьнікі круцяць асадку, як забойцы нож, як настаўнікі ўказку, як вандроўнік — свой тонкі посах. І мястэчка паслухмяна круцілася. Карусэль, карусэль, хто пасьпеў, той прысеў.

Круціліся ліхтары. Круціліся парэнчы на ганках. Круціліся нізкія парканы. Круціліся елкі і шыльды, якія сьвяціліся ў прыцемках, усё больш густых і шматзначных. Яму пачулася нейкая музыка, толькі ягоная музыка, мэлёдыя на чатыры чвэрці, у якой было ўсё: і калыханка, і нейкі джаз, і местачковы блюз, і славянскі базар.

Сэканд Хэнд. Тавары з Еўропы.

Престиж. Магазин сантехники.

Зоомир.

Кафэ Лагуна.

Сэканд Хэнд. Престиж. Магазин сантехники. Зоомир. Кафэ Лагуна. На іншую перадачу, ды на газ. І яшчэ газу. Вясёлага газу, ад якога хочацца сьмяяцца і адпусьціць стырно. Сэканд, Кафэ, Зоомир, престиж, лагуна, сэканд. Сэканд мір, факінг сьвет. Як яна магла? Як яна магла кінуць яго тут, у той момант, калі патрэбная яму як ніколі? Калі ён хацеў пабыць адзін, яна заўжды была побач, як цень — не прагнаць. А цяпер…

На імгненьне яму здалося, што ў сьвятле фараў проста перад ім узьнік Лёччык, і бацька рэзка затармазіў. Але гэта быў нейкі падлетак, зусім п’яны, ён нешта крычаў… бацька асьцярожна аб’ехаў яго і выруліў на суседнюю вуліцу, прапусьціўшы перад сабой міліцэйскі ўазік. Яму захацелася напіцца. Як некалі. Так, каб час спыніўся, каб нічога ня памятаць.

Крадучыся, ён ехаў па вуліцы імя нейкага невядомага яму дзеяча, вуліцы, якая відавочна не заслугоўвала такога яркага асьвятленьня. Людзей амаль не было відаць, толькі на ганку рэстарацыі «Император Павел» стаяў натоўп, сукенкі жанчын блішчэлі ў сьвятле ліхтароў, ненатуральна белыя, зь нездаровым лікравым сьвячэньнем кашулі мужчын існавалі асобна ад нябачных у цемры штаноў, і здавалася, што каля жанчын кружляюць адны торсы, расшпіленыя на грудзях прывіды. З шырока адкрытага рота рэстарацыі даносіўся голас нейкага масавіка-зацейніка, гістэрычны голас, які чвякаў у калёнках і вылятаў на вуліцу, далёка ў двары невысокіх, на два паверхі, застылых у сутоньні дамоў.

Нечакана рухавік сказаў нешта і заціх. Машына паволі кацілася па вуліцы, і цяпер можна было нават разабраць галасы тых, хто баляваў у рэстарацыі. Бацька высунуў у акно твар. Адразу за рэстарацыяй быў будынак з надпісам «Гасцініца», цёмны, з кропкай настольнай лямпы ў фае, і каля яго стаялі голыя фанерныя шчыты, аточаныя клюмбамі. У гэтыя клюмбы ён мякка ўткнуўся коламі — і машына спынілася.

Ён заплаціў зусім сьмешную суму — тым больш сьмешную, што грошай у яго заставалася хіба на тыдзень, ня больш. Трэба было ехаць за тым мікрааўтобусам, дагнаць яго, перахапіць — можа, яна абдумалася, можа, ужо шкадуе, што кінула яго тут. Але даверу да Каці ён больш не адчуваў — і да таго ж ня ведаў, у якім напрамку яна паехала. У сталіцу? Да бацькоў? А можа, у Вільню, да якой адсюль было рукой падаць?

Адміністратарка Гасьцініцы, жанчына Кацінага ўзросту, і сама нейкая пародыя на Кацю, пазяхнула і перасунула яму ключы — быццам зрабіла ход у нейкай настольнай гульні.

«Бумагу туалетную будете брать?»

Ён паглядзеў на адміністратарку з жахам.

«Я говорю, бумагу брать будете? В стоимость номера бумага не входит!»

«Не!» — ён замахаў рукамі. — «Не!» Выйшла занадта эмацыйна, але ён ня мог стрымацца. Яна паціснула плячыма.

«Тут ёсьць яшчэ… людзі?»

«Нет. Только москвичи, ваши соседи».

Словы пра туалетную паперу ён адразу ж прыгадаў, калі адамкнуў расхістаны замок і ўключыў сьвятло. Цьмяная лямпачка асьвяціла панылы, цесны пакой, жоўты, як кветкі ў руках Маргарыты. За ружовымі фіранкамі чуліся вясёлыя галасы наведнікаў «Императора Павла». Ля сьцяны стаяў ложак, па-салдацку засьцелены запранай, зацыраванай, сірочай бялізнай. На прасьціне цямнела вялікае кляймо турэмнага колеру зь нечытэльнай абрэвіятурай. Зашмальцаванае лякаванае дрэва ложка ўбога паблісквала і нагадвала пра тое, што добра спаць — значыць марнаваць працадні. На канцылярскім стале, па-майстэрску зробленым зь іншых канцылярскіх сталоў самага рознага ўзросту і колеру, стаяла ідэальна чыстая попельніца, у якой хацелася ўтапіцца. А з кута на бацьку глядзеў спадылба чорны тэлевізар. Хочаш, паваражу? — казаў ён. Уключы мяне, загадваў ён. Ты памрэш, абяцаў ён. Ты ўжо памёр, канстатаваў ён.

У пакоі пахла надзейна схаванымі шкарпэткамі, патрыятызмам і хлёркай. І ва ўсім гэтым быў дух такой галечы, такой непавагі і такой роспачы, што бацька нават ня стаў садзіцца — так

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии

Обратите внимание, что комментарий должен быть не короче 20 символов. Покажите уважение к себе и другим пользователям!

Никто еще не прокомментировал. Хотите быть первым, кто выскажется?