📚 Hub Books: Онлайн-чтение книгКлассикаДзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Дзеці Аліндаркі - Ольгерд Иванович Бахаревич

Шрифт:

-
+

Интервал:

-
+
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 61
Перейти на страницу:
бацька ўсё яшчэ былі там. Каця прыціскалася шчакой да шкла бакавых дзьвярэй, і рука яе шукала за сьпінай бацьку, а той не даваў сябе знайсьці, прыціскаўся носам да Кацінай патыліцы, набіраў сабе ў ноздры яе жоўтыя валасы, і казаў ёй нешта. Яны былі цяпер як адзін чалавек. І месца для Лёсі і Лёччыка паміж імі не было.

«Я не разумею, што ён кажа», — сказаў Лёччык.

«А я разумею», — адгукнулася Лёся. — «Чакай, я зараз».

Яна пракралася да машыны, дзьверы якой былі адчыненыя, падпаўзла на каленях з таго боку, дзе не было ні бацькі, ні Каці, і хутка вярнулася да Лёччыка з кніжкай у руках. «Атлас аўтамабільных дарог Эўропы» 1939 году. Маленькі скарб. Лёччык паглядзеў на сястру з ухвалай.

«Ведаеш што, Лёччык», — сказала Лёся. — «Хадзем са мной у Брэмэн».

«Хадзем», — сказаў ён. — «Толькі трэба пашукаць нейкага мяса. Мы з табой будзем ісьці доўга. Вельмі доўга. Да Брэмэну ведаеш колькі адсюль?»

«Зараз скажу», — Лёся задумалася. — «Кілямэтраў пад тышчу. А ты на чым будзеш граць, калі мы прыйдзем?»

«На костцы», — сказаў Лёччык. — «Ведаеш, бываюць такія косткі, у жывёлаў і ў людзей, зь дзірачкамі, у якія можна дзьмуць, як у жалейку?»

«Так», — пацьвердзіла Лёся. — «А я буду біць у ба.»

«Біць у ра», — сказаў Лёччык.

«Біць у бан», — сказала Лёся.

Яны ўзяліся за рукі і вярнуліся да іхнага чарнічніку. Было такое ўражаньне, што за гэтыя хвіліны ягадаў тут вырасла яшчэ больш. Высока падымаючы ногі, каб іх не засмактала ў сінюю багну, яны пайшлі ў адваротны ад камароў бок, туды, дзе канчаўся чарнічны сьвет. І неўзабаве іх ужо не было ні на ўзгорку, ні пад ім, ні на мапе, ні пад ёй. І вось ужо двум дарослым людзям, мужчыну з пунсовым тварам і жанчыне з кароткімі жоўтымі валасамі, толькі і засталося, што выпытваць у камарынага воблака, куды ўцякла законна здабытая кроў.

«Лёч-чык! Лё-ся-а-а!»

«У іх галасы, як у Важатых», — сказаў Лёччык, паскараючы крок. — «Асабліва ў гэтай, з жоўтымі валасамі».

І тады Лёся засьмяялася. Яна даўно не сьмяялася. І лес засьмяяўся разам зь ёй.

2. У ТРАКТАРЫСТА БЫЛО ШЭСЬЦЬ ПАЛЬЦАЎ

У трактарыста было шэсьць пальцаў. Ці то на правай руцэ, ці то на левай, бацька ўжо ня памятаў. Пяць нармальных, як ва ўсіх людзей, з бліскучымі, чорнымі пазногцямі, цьвёрдымі, як алмаз — а за валасатым мезенцам рос яшчэ адзін, маленькі, худы, сінявата-бледны, які тырчаў убок, і пазногаць на ім быў зусім малюсенькі, белы, дагледжаны. Бацька ня мог адвесьці позірку ад гэтага дадатковага, бонуснага пальца. Па ўсім было відаць, што трактарыст ня можа ім варушыць. Бескарысны, прыгожы, жаноцкі палец. Вырас на руцэ ў чалавека, як пустазельле. Можа, і ня палец зусім, а нейкі нарост. Бацька намагаўся не глядзець на той шосты палец — і ўсё роўна глядзеў, як загіпнатызаваны.

Трактар зьявіўся перад імі на дарозе, як здань. Намаляваўся ў паветры і спыніўся проста перад іхнай машынай. Трактарыст не выходзіў з кабіны, глядзеў на іх з Кацяй, чакаў. Да трактара быў прычэплены даўгі пусты кодаб, у якім, відаць, трактарыст вазіў бярвеньне. Бацька кінуўся да кабіны, замахаў рукамі — і толькі тады трактарыст нехаця зьлез, безь ніякай цікавасьці выслухаў таропкія бацькавы тлумачэньні, палез назад, пачаў размотваць трос. Трактарыст не глядзеў на бацьку, толькі на Кацю, нядобра так паглядаў, насьмешліва, а бацька глядзеў на палец і нічога ня мог з сабой зрабіць. Седзячы на пні, Каця ўтаропілася ў лес, і яму гэта не падабалася. Бацьку хацелася расказаць ёй пра палец. І так і карцела спытаць у трактарыста, як яму жывецца з такім атожылкам на руцэ.

Калі б трактарыст жыў у горадзе, ён мог бы запісацца на апэрацыю. Лішні палец адрэзалі б, на руцэ застаўся б шнар. Але ніхто не глядзеў бы табе на рукі, быццам ты цуд прыроды. Езьдзяць жа і такія трактарысты ў сталіцу. Ходзяць па праспэкце, тоўпяцца на рэчавых рынках, фатаграфуюцца каля помнікаў, заказваюць два па сто і піва ў самых пошлых шынках. Пахнуць недамытай акуратнасьцю. Чаму ён не абрэжа гэты абрубак? Задорага? Баіцца хірургаў? А ты не баішся? А ты лёг бы пад ножык? Адкладае на потым, на заўтра, на канец жыцьця? Ці — ганарыцца ўпотай? Бо трэба ж хаця б чымсьці быць непадобным да іншых? Карцінкай у шкле кабіны: ва ўсіх там бабы голыя, а ў яго — партрэт каратыста з чорным поясам?

А можа, ён ужо наважыўся. І заўтра, колючы дровы, прыме сто грам, закусіць цёплым, намазаным сонцам памідорам, пакладзе палец на бервяно, адвядзе вочы і — усё. Толькі мянушка застанецца.

«Што?» — сказаў трактарыст, папляваўшы на далоні. — «Панясьлісь?»

Трактарыст закурыў, стоячы на падножцы, трактар запыхкаў, загуў, аб’ехаў машыну, ломячы кусты. На тое, каб падчапіць іх, разьвярнуць і дацягнуць да бліжэйшае вёскі, пайшла цэлая гадзіна. Пра дзяцей, пра тое, як ён і Каця некалькі гадзін блукалі па лесе і, забыўшыся на асьцярожнасьць, сарвалі сабе галасы, пра тое, як заблудзілі і ім самім давялося шукаць машыну, бацька трактарысту нічога не сказаў. І вясковы майстар, які за некалькі хвілін вярнуў іхную зьдзічэлую, запыленую машыну ў прытомнасьць, таксама не выклікаў у бацькі даверу. Ён ужо нікому ня верыў, апрача Каці. А Каця маўчала і хмурыла бровы. Жоўтавалосая, з чорнымі насупленымі бровамі і тонкім носам, яна чагосьці баялася, і гэта было так непадобна на ўчорашні вечар, калі яны апошні раз абмяркоўвалі ўсе падрабязнасьці і магчымыя пасткі, і на раніцу, калі яны выехалі з гораду, халодныя і ўпэўненыя, як жалеза. І на ноч, калі Каця была такой пяшчотнай, як ніколі. Ён сьціснуў зубы, каб не даваць волю сьлязам. Каця моўчкі заплаціла майстру і трактарысту, і яны зноў выехалі на шашу, якая зьдзекліва павітала іх ужо знаёмымі знакамі і ўказальнікамі.

«Колькі ты ім дала?»

«Якая розьніца».

Да хутару, схаванага ў балотах і не пазначанага ні на воднай мапе, куды ён зьбіраўся прывезьці дзяцей, адсюль і праўда заставалася кілямэтраў пад дзевяноста. Але хутар на сёньня адмяняўся — які быў сэнс туды ехаць: бязь Лёччыка, бязь Лёсі, без таго, дзеля чаго яму хацелася дзейнічаць, жыць, змагацца. Блуканьне ў лесе змарыла іх з Кацяй так, што яны пачалі засынаць, добра яшчэ, што ў яго неўпрыкмет абгарэла шыя, і ён ня мог дакрануцца ёй да сядзеньня.

За вокнамі цямнела. Дзень зрабіўся карацейшы. У гэты час плянавалася ня толькі даўно быць

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 61
Перейти на страницу:

Комментарии

Обратите внимание, что комментарий должен быть не короче 20 символов. Покажите уважение к себе и другим пользователям!

Никто еще не прокомментировал. Хотите быть первым, кто выскажется?